Вучні сярэдняй школы № 2 г. Мікашэвічы нядаўна пабывалі ў вандроўцы па Мінскай вобласці, праехалі турыстычным маршрутам «Ігуменскі тракт». Арганізавалі паездку настаўнікі Наталля Іванаўна Баброўнік, Святлана Васільеўна Ляшкевіч і Андрэй Сяргеевіч Бярыла. Большасць экскурсантаў – навучэнцы прававых класаў школы. Нас суправаджаў настаўнік гісторыі адной са школаў г. Мар'іна Горка Барыс Ібрагімавіч Муха, які знаёміў з мясцовымі славутасцямі, асаблівасцямі населеных пунктаў, не забыўся і на знакамітых людзей, якія жылі там.
Першай у праграме была паездка па Мар'інай Горцы, дзе да нас і далучыўся Барыс Ібрагімавіч. Ён падзяліўся цікавымі фактамі з гісторыі горада.
Другім пунктам прызначэння стаў Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей. Экскурсавод распавяла нам пра рэдкія экспанаты і гісторыю горада – колішняга Ігумена – ад заснавання і да нашых дзён. Мы даведаліся, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага Ігумен быў найбуйнейшым вытворцам васковых свечак, а іх рынак быў настолькі развіты, што імі гандлявалі не толькі на тэрыторыі ВКЛ, але і ў суседніх краінах.
Пасля краязнаўчага музея мы завіталі ў адзіны ў свеце музей знакамітага кампазітара Станіслава Манюшкі, аўтара першай беларускай оперы «Сялянка», ураджэнца фальварка Убель Чэрвеньскага раёна. Як кажуць, таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім. Ён быў дырыжорам, у музеі прадстаўленыя яго карціны, рарытэтныя касцюмы для тагачасных пастановак.
Пасля музея Манюшкі нас прывезлі ў вёску Малыя Ляды, што за пяць кіламетраў ад Смілавічаў. Там мы патрапезнічалі ў мужчынскім манастыры і наведалі Свята-Дабравешчанскую царкву. Абед быў простым, але надзвычай смачным. Пасля трапезы да нас далучыўся айцец Міхаіл і правёў цікавую экскурсію па манастыры, якая скончылася малітвай перад абразам Маці Божай за здароўе і дабрабыт у жыцці.
Наступнай кропкай «экскурсу ў гісторыю» стаў гарадскі пасёлак Смілавічы, дзе ў доме дзіцячай творчасці, багаты на свае шэдэўры, размясцілася экспазіцыя мастака з Беларусі «Прастора Хаіма Суціна». Суцін нарадзіўся і вырас у Смілавічах, захапляўся маляваннем з ранніх гадоў, маляваў паўсюль, чым заўгодна і на чым заўгодна, за што яго вельмі каралі бацькі. Паводле словаў экскурсавода, у наш час кошт карціны Хаіма Суціна пачынаецца ад мільёна даляраў і вышэй. І цэняцца яго палотны нароўні з карцінамі Мадэльяні і Пікаса. Пасля экспазіцыі нас чакаў прыемны сюрпрыз – парыжскае кафэ, накшталт таго, што наведваў знакаміты мастак, каб сустрэцца з сябрамі. Аповед экскурсавода суправаджаўся мелодыямі тых часоў. Мы атрымлівалі асалоду ад кавы – усё разам стварала незвычайную атмасферу.
Фіналам паездкі стаў паўразбураны маёнтак Ваньковічаў, пабудаваны на месцы замка XVII ст. Велічная вежа, у якой размяшчаўся галоўны ўваход у маёнтак, масіўныя сцены і выкшталцоная архітэктура. Але, на жаль, – нікому не патрэбная. Паводле словаў Барыса Ібрагімавіча, грошай на рэканструкцыю помніка не выдаткоўваецца, і маёнтак дажывае свой век у чаканні новых разбурэнняў.
Дадому мы прыехалі позна ўвечары. Стаміліся, але поўныя радасных уражанняў ад экскурсіі. «Ігуменскі тракт» – гэта не проста турыстычны маршрут, а гісторыя, якую і падобную да якой, на маю думку, павінен ведаць кожны беларус.