З аўтабіяграфіі «Таму і напісаў», змешчанай у кнізе Уладзіслава Нядзведскага «Выбранае. Вершы і паэмы» (1976):«Нарадзіўся 24 ліпеня 1929 года на адным з Рахавіцкіх хутароў Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці (зараз — Салігорскі раён. — В.Ж.). Аб тым, як гадаваліся дзеці ў лесе і балотах, пісаць не буду. Гэта добра паказана ў творах старэйшых нашых пісьменнікаў. Памятаю дзень, калі маці адвяла мяне ў школу. Узыйшоў на ганак, азірнуўся, а яна стаіць і выцірае слёзы. Не ведаю, чаго яна заплакала. Малы быў — не спытаў, а пасля — было позна. У школе мелася чатыры класы, скончылі яе за сем гадоў, бо даваліся элементарныя веды нават па такіх навуках, як астраномія. Не навучалі толькі беларускай мове, затое вучылі аж дзве рэлігіі — праваслаўную і каталіцкую. У сераду, скажам, з Хорастава, дзе была царква, у школу прыязджаў поп, а ў пятніцу — з Пузіч прыязджаў ксёндз. Кожны прапаведаваў сваё. Адзіны настаўнік выкладаў усе прадметы па-польску. Лупцаваў лінейкай па далонях і адцягваў вушы за кожны дрэнны ўчынак, за непадрыхтаваны ўрок і за кожнае слова, сказанае «па-дамашняму». Вучыўся я добра, скончыў два класы. 2 верасня 1939 года, праз дзень, калі гітлераўцы напалі на Польшчу, майго бацьку мабілізавалі ў польскае войска. Служыў ён непадалёку, у Лунінцы, два тыдні, а пасля, памятаю, надвячоркам у адной бялізне вярнуўся дамоў. У тым жа незабыўным верасні 1939-га я зноў пайшоў вучыцца. У трэці клас. У той жа самай школе вучыў нас той жа самы настаўнік. Нас вельмі здзівіла, што ён добра гаворыць па-руску і па-беларуску. Лягчэй вучыцца стала і таму, што ён перастаў нас цягаць за вушы і, наогул, зрабіўся зусім іншым чалавекам у адносінах да сваіх вучняў». Летам 1941 года У.